Некаторыя асаблівасці нарвежскага «двухмоўя»

Марцін Паўлсен, Універсітэт горада Осла (Ушлу), Нарвегія

Калі я чарговым разам прыехаў у Мінск, то нечакана для сябе адзначыў, што беларускія лінгвісты вельмі цікавяцца моўнай сітуацыяй у Нарвегіі. З аднаго боку, надзвычай прыемна, калі цікавяцца тваёй роднай краінай, а з іншага – такая цікавасць цалкам зразумелая, бо лінгвістычныя сітуацыі ў Беларусі і Нарвегіі нечым падобныя.
Што да Нарвегіі, то можна казаць пра існаванне ў нас літаратурнага двухмоўя. Мы маем два варыянты літаратурнай мовы: букмол (bokmal) і нюношк (nynorsk). Букмол – гэта рэфармаваная дацкая мова, набліжаная да нарвежскага вуснага маўлення гораду Осла, а нюношк фармаваўся на аснове ўласнанарвежскіх гаворак.

Да 1814 года нарвежскія тэрыторыі былі часткай каралеўства Даніі. Пасля паразы Напалеона, на баку якога ваявала Данія, нарвежскія тэрыторыі перайшлі да шведаў. У саюзе са шведамі нарвежцы атрымалі большую самастойнасць, і з гэтага часу можна казаць пра Нарвегію як палітычную адзінку з правам унутраннага самакіравання.

Пасля чатырохсот гадоў знаходжання пад Даніяй у грамадскім жыцці краіны выкарыстоўвалася толькі дацкая мова. Адзіны універсітэт знаходзіўся ў Капенгагене, нарвежскія пісьменнікі пісалі па-дацку, нарвежцы лічылі дацкую мову сваёй. У нарвежскай канстытуцыі 1814 года было запісана, што “… Усё, што тычыцца нарвежскіх спраў павінна быць запісана нарвежскай мовай…”. І гэта пры тым, што ўся канстытуцыя была напісана дацкай мовай. Канстытуцыя не страціла свайго значэння і тады, калі краіна апынулася пад шведскай уладай. Шведаў не цікавіла моўная палітыка, і яны не рабілі спробаў насадзіць сваю мову і культуру ў Нарвегіі. Гэты фактар сайдзейнічаў далейшаму развіццю нарвежскай мовы і культуры.

Не адразу нарвежцы прыйшлі да разумення патрэбы ў нацыянальнай мове. Толькі з цягам часу, пад уплывам еўрапейскага рамантызму, прыйшло ўсведамленне таго, што адроджаная нацыя мусіць мець сваю мову. Але гэтае разуменне неабходнасці развіцця нарвежскае мовы падзяліла інтэлектуалаў краіны на два лагеры што да будучыні нарвежскай мов – на “рэфарматараў” і на “рэвалюцыянераў”.

Сярод “рэвалюцыянераў” быў Івар Осэн (Ivar Aasen), дзякуючы якому ўзнік нюношк. У 1836 годзе Осэн вызначыў сваю праграму, згодна з якой меўся стварыць пісьмовую нарвежскую мову на дыялектнай аснове. За пяць гадоў (1842-1847) ён аб’ездзіў большую частку Нарвегіі, пераважна заходнія раёны, збіраючы дадзеныя розных дыялектаў. У 1848 годзе выйшла “Граматыка нарвежскай народнай мовы”, а праз два гады - “Слоўнік нарвежскай народнай мовы”. Так з’явілася альтэрнатыва букмолу. У 1885 годзе парламентам быў прыняты закон пра роўнасць абодвух варыянтаў нарвежскае мовы, пасля чаго нюношк стаў кансалідаваць свае пазіцыі ў грамадстве: на ім пачалі выходзіць газеты, а з 1890 года на нюношк было пераведзена выкладанне ў некаторых школах.

Тым часам і ў букмоле адбываліся паступовыя змены дзякуючы аднаму з рэфарматараў, настаўніку Кнуту Кнутсэну (Knut Knutsen). Ён хацеў рэфармаваць пісьмовую мову, наблізіўшы яе да маўлення “добра выхаваных людзей”. Зразумела, што меліся на ўвазе вышэйшыя слаі грамадства ў вялікіх гарадах. У выніку гэтых зменаў букмол усё больш і больш адыходзіў ад дацкай. У нарвежскім грамадскім жыцці букмол быў мовай эліты цэнтральнай часткі краіны, а носьбітамі нюношка сталі жыхары правінцыі.

На пачатку ХХ стагоддзя, калі нюношк ужо заняў сваё месца ў грамадстве, стала распаўсюджвацца меркаванне, што трэба спалучыць дзве пісьмовыя мовы ў адну “агульнанарвежскую мову” пад назвай самношк (samnorsk). Менавіта дзеля гэтага былі праведзены шматлікія моўныя рэформы пісьмовых моў у ХХ ст. (для букмола такіх рэформаў было пяць, а для нюношка – чатыры). У выніку рэформаў склалася своеасаблівая сітуацыя. Справа ў тым, што арфаграфічныя слоўнікі прапанавалі розныя варыянты адных і тых самых слоў. З’явіліся абавязковыя, рэкамендаваныя і магчымыя формы, што давала і дае права выбіраць тыя варыянты, якія даспадобы. Такі шырокі выбар быў добры для людзей рознага сацыяльнага становішча, бо яны маглі ўжываць тую лексіку, якая ім бліжэй і не адчуваць дыскамфорту.

Самыя важныя змены адбыліся з букмолам. У букмол былі ўведзены новыя формы, якія раней належалі нюношку, з мэтай збліжэння двух варыянтаў.

Такая палітыка падабалася не ўсім. Асабліва былі незадаволеныя людзі кансерватыўных поглядаў. Многія адчулі, што іх мова гіне і пачалі змаганне за “выхаваную мову” (нарв. dannet sprak). У выніку гэтай барацьбы былі створаны новыя арфаграфічныя слоўнікі, якія падтрымлівалі больш кансерватыўны правапіс пад назвай рыксмол (riksmal). Гэты трэці варыянт нарвежскай пісьмовай мовы не меў афіцыйнага статусу, але многія папулярныя газеты друкаваліся на рыксмоле, што яшчэ больш заблытала моўную сітуацыю.
Рэформа 1981 года ўрэгулявала праблему і спыніла палітыку збліжэння букмола з нюношкам. Стала відавочным, што спроба аб’яднаць два варыянты не ўдалася, але правапіс букмола ўсё-такі стаў ліберальнейшы.

Зразумела, што пры такой моўнай свабодзе цяжка дакладна сказаць колькі чалавек карыстаецца адным, а колькі – другім варыянтам мовы. Розныя статыстыкі сведчаць, што на сённяшні дзень прыкладна 15% насельніцтва карыстаецца нюношкам, а астатнія – букмолам.

Зараз моўная сітуацыя стабілізавалася: букмол і нюношк больш-менш камфортна суіснуюць у грамадстве, але ў выніку ўсіх пературбацыяў нарвежская мова стала значна больш разнастайная. Ілюстрацыяй можа служыць наступны прыклад:

Просты сказ Жанчына падняла руку тэарэтычна можна рэалізаваць 24 рознымі сказамі на букмоле. Слова жанчына мае два варыянты, слова падняла – тры, слова рука – чатыры. Гэта паказвае, што разнастайнасць нарвежскай мовы выяўляецца не толькі ў адносінах паміж двума варыянтамі, але і ўнутры кожнага з іх.

У складаны малюнак пісьмовых моў уплятаюцца дыялекты. Трэба падкрэсліць, што букмол і нюношк – гэта толькі пісьмовыя мовы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратуры, СМІ, афіцыйных стасунках. У побыце нарвежцы карыстаюцца мясцовымі гаворкамі, і вы рэдка можаце пабачыць нарвежца, які б размаўляў на букмолі ці нюношку (хіба што падчас нейкіх афіцыйных мерапрыемстваў). Прасцей кажучы, нарвежац размаўляе на дыялекце, а піша на букмолі ці нюношку.

Сістэма дыялектаў у Нарвегіі яшчэ больш разнастайная, чым сістэма стандартных моў. Гэта ўскладняе працу тым, хто хоча стварыць адзіную нарвежскую мову. Для іншых гэта нагода для доўгіх і гарачых абмеркаванняў пры сустрэчы з суайчыннікамі з іншых рэгіёнаў ці з суседняга мястэчка (у брытанцаў улюбёная тэма – надвор’е, а ў нарвежцаў – нарвежская мова).

Дыялекты ў Нарвегіі маюць даволі высокі прэстыж, і імі свабодна карыстаюцца ў розных сітуацыях. Чалавек, які прыехаў з правінцыі ў вялікі горад можа спакойна размаўляць па-свойму і не адчуваць комплексу непаўнавартасці праз тое, што ён гаворыць “не так”. Нават наадварот, дыялектныя асаблівасці падтрымліваюцца носьбітамі ў штодзённым жыцці (на вечарынах, у ліставанні і г. д.). Але варта зазначыць, што яшчэ 20 гадоў таму сітуацыя выглядала не зусім так. Існавала пэўная дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце. Але грамадства развівалася, і людзі прыйшлі да разумення, што дыялект – гэта адзнака саматоеснасці чалавека.

Але нельга сказаць, што ўсе моўныя праблемы вырашаны. Афіцыйнае існаванне двух варыянтаў абумовіла патрэбу іх вывучэння ў школах. Але гэтым незадаволены некаторыя бацькі. Гэтая незадаволенасць асабліва востра гучыць у сталіцы, для жыхароў якой нюношк – “чужая” мова. Былі спробы вызваліць школьнікаў Осла ад вывучэння нюношка, але нічога не атрымалася.
Згодна з нарвежскімі законамі, 25% афіцыйных дакументаў павінны афармляцца на нюношку. А калі чалавек звяртаецца ў афіцыйную ўстанову, то ён мае права атрымаць інфармацыю на любым з варыянтаў, і яму не маюць права адмовіць.

Гэты закон – заслуга арганізацый, якія займаюцца прамоцыяй нюношка. Нягледзячы на тое, што прыхільнікі гэтага варыянту знаходзяцца ў меншасці, іх арганізацыі даволі моцныя, і яны прызвычаіліся змагацца за свае правы. Па сутнасці, існаванне нюношка – гэта працяглая барацьба за жыццё, і тая баяздольнасць, што выпрацавалася падчас змагання, на мой погляд, гарантуе далейшае развіццё нюношка. Паказальнікам такой баяздольнасці можа служыць нядаўні судовы працэс з Білам Гейтсам. Было высунута патрабаванне выпускаць праграмнае забеспячэнне Майкрасофту таксама і на нюношку. І з дапамогай дзяржаўных органаў яны гэтага дамагліся.

Я ўпэўнены ў тым, што абодва пісьмовыя варыянты маюць будучыню. Нарвежцы ўжо прызвычаіліся да разнастайнасці ў моўнай сферы і лічаць, што гэта ўзбагачае нарвежскую мову, культуру і саміх нарвежцаў. Шматварыятнасць дазваляе выказаць свае думкі і пачуцці больш дакладна і яскрава. Нам вельмі важна захаваць наша моўнае багацце, бо яно дазваляе нам адчуваць сябе нацыяй у поўным сэнсе гэтага слова.

Больш інфармацыі пра нарвежскую мову дае сайт Нарвежскай моўнай рады sprakradet.no (на розных мовах).