Бяроза на асфальце
(116 слоў)
Я. Пархута
Стаяла бабіна лета. Усё выглядала па-святочнаму — і дамы, і вуліца, і аўтобусы. Нават старая бяроза, што ля тратуара насупраць нашага дома, радавалася сонечнаму дню. Лісця на ёй даўно не было, затое з голек вунь колькі завушніц звісала! І кожная адлівала золатам.
Лёгкі ветрык крануў завушніцы, і бяроза кінула на дол жменю семак. Потым яшчэ жменю, яшчэ. Нібы з сяўні, сыпала бяроза насенне. Укрыла ім тратуар пад сабою, паўкруг вуліцы.
Прахожыя пазіралі на тую мяцеліцу, і здзіўленне было ў іхніх вачах: на асфальце ж не прарасце ніводная семка!..
Усё ж адно прарасло. Вясной усе ўбачылі: на стыку тратуара з бетонным бардзюрам, на вузкім шнурочку зямлі стаяла маладзенькае, усяго ў тры лісточкі, дрэўца.
Нездарма старалася старая бяроза!