Папярэдняя старонка
Наступная старонка

Ласка

(144 словы)

Паводле У. Ягоўдзіка

Прыгожае імя далі нашы прашчуры гэтаму маленькаму звярку. Дый сам ён вельмі прыгожы. На спінцы буравата-карычневае футра, па баках і на жывоціку — белае. А зімою ўвесь становіцца белы.

Ад ласкі ніводная мыш не ўцячэ, калі трапіць ёй на вочы. Самая глыбокая нара не ўратуе шэрую, бо звярок аднолькава добра палюе і на зямлі, і ў норах. Адольвае ласка і агідных пацукоў, хоць сама нярэдка меншая за гэтых ненажэрных шкоднікаў. Таму людзі радаваліся, калі такі нястомны паляўнічы сяліўся каля іхняга жытла. Сваё гняздо звярок будуе і ў дуплах старадрэвін, і ў чужых норах, і пад падлогаю у хаце. Аблюбаванае месца старанна высцілае сухім сенам ці саломаю, мышынымі шкуркамі і птушынымі пёркамі. Цёпла, утульна ў такім дагледжаным гняздзечку дзіцянятам ласкі. І корму заўсёды хапае, бо адна ласка за ноч знішчае шмат мышэй і пацукоў. Яна так зацята палюе на іх, што часам пудзіць свойскую жывёлу.