Папярэдняя старонка
Наступная старонка

Незвычайны букет

(52 словы)

Паводле Т. Хадкевіча

Каля вёскі ляжала лагчына. Яна зарасла альхоўнікам і вербалозам. Кусты былі напалову занесены снегам. На іх, быццам буйныя чырвона-блакітныя кветкі, сядзела чародка снегіроў.

Мы падышлі, і чародка ўзляцела. Здаецца, раптоўны парыў ветру адарваў кветкі ад галля і панёс. Апусцелы куст выглядаў цяпер сіратліва. А ў празрыста-сіняватым паветры, лёгка пагойдваючыся, імчаўся незвычайны букет.