Папярэдняя старонка
Наступная старонка

Кнігаўка

(136 слоў)

Паводле У. Ягоўдзіка

Даўным-даўно надарылася на Беларусі надзвычай спякотлівае лета. З дня ў дзень няшчадна смажыла сонца, абпальваў усё жывое вецер-сухавей. Высахлі азёры, рэкі і крыніцы. Пабедавалі людзі, а потым сышліся дружнай талакой і выкапалі ў кожнай вёсцы па глыбокаму калодзежу. Здабылі сцюдзёную ваду.

А птахам і звярам лясным — хоць уцякай куды вочы глядзяць. Сабраліся яны на раду і таксама надумалі дакапацца да вады, каб наталіць нясцерпную смагу. Шчыра ўсе ўзяліся за работу. Адна кнігаўка адмовілася корпацца ў зямлі. Моцна пакрыўдзіліся, раззлаваліся на кнігаўку птушкі і звяры…

Дакапаліся птушкі і звяры да вады. Зноўку вярнулі на Беларусь азёры, рэкі, крыніцы. Хапае ім цяпер вады. Адна кнігаўка ўсё ніяк не можа напіцца. Блізка да вады, а дзюбку памачыць не адважваецца. Баіцца, каб не прагналі з роднага балота. І ўдзень і ўночы слугуе птушынай грамадзе, вартуе яе ад ліхой бяды.