Белая і чорная
(144 словы)
Паводле А. Караленка
Цякуць побач дзве ракі. У адной вада празрыстая, як крышталь, нават відаць каменьчыкі на дне. Акуні ды плоткі чародкамі ходзяць, ракі вусатыя па дне поўзаюць. Прыгожая рака!
А вось другая рака — чорная, як чарніла. Над ёю пара ядавітая ўецца. У чорнай няма нічога жывога. Калі ноччу памылкова сядзе на гэту раку птушка, яна ўжо болей не ўзляціць — загіне. Нават трава не расце каля яе берагоў. Страшная рака!
Пачалі гэтыя рэкі перамаўляцца між сабою. Белая рака расказала чорнай, колькі яна выпрацавала электраэнергіі, колькі плавае па ёй параходаў з грузамі і пасажырамі, як людзі п’юць яе ваду…
Чорная рака расказала, што на заводзе з яе вырабляюць не толькі паліва для машын, але і футры, дываны, цацкі, пакрываюць асфальтам вуліцы і дарогі. А яе ядавітыя выпарэнні — газ — ідуць на ацяпленне дамоў, для электрастанцый, для хіміі…
Цякуць побач дзве ракі — белая і чорная.