Папярэдняя старонка

Вясна

(95 слоў)

Паводле З. Бандарынай

Надакучыла Зямлі слухаць нудныя спевы зімовай віхуры. Засумавала Зямля па прыгажуні Вясне, заплакала. Закапалі ў поўдзень яе слёзы са стрэх. Пацяклі ручайкі па сцежках. Пачула яе сум Вясна. Папрасіла яна Сонейка чырвонае, каб дапамагло вызваліць Зямлю. Паслухала Сонейка. Паднялося яно вышэй і паслала на Зямлю сваіх пасланцоў — праменьчыкаў. Упалі яны на пагорак з леташнім бурым лісцем і пусцілі ў Зямлю карэньчыкі. Падняліся ўгару сцяблінкі. Падставілі Сонцу свае зялёныя шкляначкі. Са шкляначак выглянулі жоўценькія фальбонкі залатых ключыкаў — першых кветак. Узрадавалася Вясна. Схапіла іх аберуч і пачала хуценька адмыкаць замкі, якімі замкнула Зіма скарбы Зямлі.