Папярэдняя старонка
Наступная старонка

Кнігаўка

(101 слова)

Паводле У. Ягоўдзіка

Добрая ў балотнай і вадзяной жыўнасці варта. Пільная, адважная. Не хаваецца і не ўцякае ад небяспекі, а кідаецца насустрач ёй.

З выраю кнігаўкі вяртаюцца ранняю вясною, калі на палетках і балотах яшчэ ляжаць шэрыя лапікі снегу. Гнёзды свае ладзяць проста на купінах, з леташніх сухіх травінак. Потым адкладваюць туды яйкі і старанна выседжваюць іх, пакуль не праклюнуцца птушаняты.

Кнігаўкі — клапатлівыя і смелыя бацькі. Я неаднойчы бачыў іхнія паветраныя бойкі з нахабнымі варонамі, ахвотніцамі да лёгкае спажывы. А вось бадзяжнага сабаку, які ласы да птушынага мяса, кнігаўкі перамагаюць хітрасцю. Лятаюць блізенька, вымушаюць даганяць сябе. І ўсё далей адводзяць ад безабаронных птушанят.