Апавяданне пра кусты і дрэвы
(107 слоў)
Паводле М. Ільіна
Не бывае лесу без дрэў. Але ў лесе павінны быць не толькі дрэвы. Лесу патрэбны кусты шыпшыны, акацыі, парэчак, бружмелю. Навошта патрэбны лесу кусты?
У лесе жывуць розныя звяры і птушкі. Адны птушкі робяць свае гнёзды на дрэвах, другія будуюць іх у кустах.
Птушкі ў лесе не сядзяць на галінках без працы. Яны знішчаюць тысячы жукоў і вусеняў. А вусені і жукі аб’ядаюць лісце. А хіба дрэва можа жыць без лісця? Вось і лятаюць па дрэвах птушкі і знішчаюць шкоднікаў.
У лесе і дрэвы, і птушкі, і звяры, і кусты нібы ў адну гульню гуляюць. І трэба добра ведаць правілы гэтай гульні. Кожны павінен быць абаронцам лесу.