Легенда пра Тураў
(123 словы)
Паводле К. Камейшы
У краі дрымучых палескіх лясоў размясціўся гарадскі пасёлак Тураў. Сівыя камяні Турава памятаюць вельмі многа. Густа скрыжавала тут свае шляхі гісторыя.
Вось што кажа легенда. Было гэта даўно. У той час тут былі густыя бары, багністыя і непраходныя балоты.
Цякла ў гэтым месцы срэбнаводная рака Струмень. Была тут і другая паўнаводная рака Язда. Ад яе цяпер засталася толькі невялічкая жываточынка. Аднойчы прыйшоў сюды з вялікім войскам князь Тур. Прыйшоў таму, што было ў гэтым краі шмат звяроў, рыбы і ўсялякага птаства. І вырашыў ён пабудаваць тут горад Тураў.
Сённяшні Тураў шмат чым падобны на іншыя гарадскія пасёлкі Беларусі. Новыя дамы і вуліцы, школы і дзіцячыя сады, бібліятэка. Хіба толькі старое гарадзішча з равамі і валам ды экспанаты краязнаўчага музея напамінаюць пра мінулае Турава.